АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін з асн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам. пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам. вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.

Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.Ц.Калашнікава, кулямёт В.А.Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-мм авіяц. пушка «Вулкан»).

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)